Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

ВЫБОР ЯЗЫКА

РУС БЕЛ EN

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

26.03.2015

учащиеся 9-х классов посетили мемориальный комплекс "Хатынь"

12 крокаў па Хатыні…

24 сакавіка група школьнікаў выправілася на экскурсію па маршруту Баранавічы-Хатынь-Баранавічы. Дзень быў прыгожы, сонечны.

Прыгожая асфальтаваная дарога то апускалася ўніз, то імкнулася ўверх. Па абодва бакі дарогі – бясконцы лес. Імчаліся машыны ў новыя далі, кудысьці спяшаліся людзі, магчыма, да новых спраў, да новых заняткаў. Жыццё не спыняецца… І толькі ў адным месцы гэтай дарогі, на 54 кіламетры трасы Мінск-Віцебск, машыны і людзі прыпыняюцца, калі раптам з-за павароту паўстае трывожны паказальнік, слова-назва – “Хатынь”. Слова, набранае, здаецца, літарамі-вуглямі…

Кожны народ ганарыцца перамогай у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы і свята шануе памяць страт, панесеных у імя гэтых перамог. Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, якая прадстаўляе 136 беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі. Сёння на месцы спаленай гітлераўцамі Хатыні збудаваны грандыёзны мемарыяльны комплекс ахвярам фашысцкага тэрору на беларускай зямлі.

Наша экскурсія, якую мы назвалі «12 крокаў па Хатыні»,  прысвячаецца ўсяму беларускаму народу, тым, хто ў дні ліхалецця загінуў ад рук гітлераўскіх варвараў, усім беларускім вёскам, знішчаным нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Трагедыя Хатыні адбылася 22 сакавіка 1943 г. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і абкружылі яе. Жыхары вёскі нічога не ведалі пра тое, што раніцай у 6 км ад Хатыні партызанамі была абстраляна аўтакалона фашыстаў і ў выніку нападу забіты нямецкі афіцэр. Але ні ў чым не павінным людзям фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд. Усё насельніцтва Хатыні ад малога да вялікага гітлераўцы выганялі з хат і гналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падымалі з ложка хворых, старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі і груднымі дзецьмі.

Калі ўсё насельніцтва вёскі было ў гумне, фашысты замкнулі дзверы, абклалі гумно саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі выратаваць дзяцей. Пад націскам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У падпаленай вопратцы, ахопленыя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні зажыва згарэлі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16-гадовага ўзросту. Самаму малодшаму было ўсяго сем тыдняў. Вёска была разрабавана і спалена дашчэнту.

Крок 1 «Скульптура Няскоранага чалавека»

Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі – 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы і зранены, прыйшоў у прытомнасць позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына. Хлопчык быў смяротна паранены, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага быў пакладзены ў аснову стварэння адзінай шасціметровай бронзавай скульптуры «Няскораны чалавек».

Гэтая скульптура бронзавага старога з мёртвым дзіцем на руках – жывы смутак! Яна як бы ўвасобіла ў сабе вобраз народа, які змясціў у сваім сэрцы столькі гора, страт і неадольнай сілы і мужнасці.

Крок 2 «Сімвалічны дах гумна»

Справа ад скульптуры ўвекавечана месца спалення хатынцаў. Менгавіта тут калісьці стаяла гумно. Зараз на гэтым месцы – двухскатны праломлены дах, збудаваны з чорнага граніту. Праз пралом хатынцы спрабавалі выратавацца ад жудаснай смерці, але паміралі ад аўтаматных чэргаў.

Крок 3 «Вянец Памяці»

Да пліты-даху вядзе клінаватая дарога з белага мармуру, якая сімвалізуе апошні шлях жыхароў Хатыні. 149 хатынскіх жанчын, старых і дзяцей назаўжды засталіся ў брацкай магіле, над якой узвышаецца магільны ўзгорак – Вянец Памяці з белага мармуру. На ім – зварот хатынцаў, якія ўсталі з попелу да ўсіх, якія жывуць: «Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!»

Крок 4 «Адкрытая брамка»

Няўяўна хвалюе сэрца адкрытая перад кожнай хатай брамка, таксама шэрая, таксама з бетону. Брамка заклікала нас у хату, якой няма. Балюча становіцца пры думцы, што ніколі не зарыпіць гэтая брамка жывым драўляным скрыпам, ніколі не пацягне дымком з комінаў-абеліскаў, ніхто не нап'ецца сцюдзёнай вады з чатырох вясковых калодзежаў, ніколі і ніхто не пачуе на вуліцы звонкага, залівістага смеху жыццярадаснай хатынскай дзятвы…

Крокі 5, 6, 7, 8 «Першы вянец зруба», «Абеліск з мемарыяльнай плітой», «Звон», «Студні»

Былая вуліца вёскі выкладзена шэрымі, пад колер попелу, жалезабетоннымі плітамі. У тых месцах, дзе калісьці стаялі хаты, пастаўлена 26 абеліскаў, якія нагадваюць коміны, абпаленыя агнём, і столькі ж сімвалічных вянцоў-зрубаў з бетону. На трубах-абелісках – бронзавыя шыльды з імёнамі тых, хто тут нарадзіўся і жыў, тых, хто не скарыўся ворагу, тых, хто жыўцом быў спалены. А зверху – сумна звонкія званы. Гэты хатынскі набат, які складаецца з 26 званоў, сваім звонам кожныя 30 секунд абуджае памяць і боль, трывожна распавядаючы свету пра трагедыю беларускай вёскі.

Ніколі больш не напоўняцца вадой хатынскія калодзежы. Сёння на іх месцы – мемарыяльныя знакі.

Крокі 9, 10 «Могілкі вёсак», «Сімвалічныя дрэвы жыцця»

Вясной 1943 года знікла з твару зямлі Хатынь, яе больш няма на геаграфічнай карце. Але Хатынь не адна. Разам з ёй больш за сто вёсак, знішчаных фашыстамі разам з людзьмі, вёсак знішчаных і не адноўленых. Значную частку хатынскай мемарыяла займаюць помнікі гэтым спаленым вёскам. На кожным з іх – назва вёскі і лічбы загінулых жыхароў. Тут на мемарыяле 30 чэрвені 1969 года адбылася ўрачыста-жалобная цырымонія сімвалічнага пахавання беларускіх вёсак, якія назаўжды застануцца ў гісторыі толькі як геаграфічныя назвы. Прадстаўнікі сельскіх саветаў, вёсак, суседніх з спаленымі, прывезлі на магілы ў капсулах зямлю, на якой жылі людзі гэтых вёсак. Яны так і не паўсталі з попелу. Зямля пахавана тут разам з прахам загінулых у скрынях са сталі і шкла. Тут жа растуць жалезныя дрэвы, якія сімвалізуюць жыццё.

Крок 11 «Сцяна памяці»

Хатынскі мемарыял раскрывае яшчэ адну тэму – тэму канцэнтрацыйных лагераў. 260 канцлагераў і іх аддзяленняў было арганізавана гітлераўцамі ў Беларусі ў перыяд з 1941 па 1944 гады. У левай частцы мемарыяла ў памяць аб загінулых вязнях збудавана сумная «Сцяна памяці». Па ўсёй даўжыні ў 128 метраў зроблены нішы для мемарыяльных пліт, на якіх дадзены назвы канцлагераў і месцаў масавага знішчэння людзей. Сярод іх ёсць і нашы вёскі Калдычэва і Лясная.

Сцяна мемарыяла велізарная, але не хопіць любой сцяны, каб апісаць усё гора народнае, каб нанесці імёны загінулых, каб расказаць пра выпрабаванні, скрозь якія наш народ ішоў да Перамогі над жорсткім ворагам.

Крок 12 «Вечны агонь»

Сімвалам вечнай памяці героям, сімвалам нашай любові і глыбокай павагі да тых, хто ў грозную гадзіну не пахіснуўся, не стаў на калені, стаў Вечны агонь, які быў дастаўлены з плошчы Перамогі і запалены ў памяць вечнай жалобы і славы Хатыні.

Беларусь будзе вечна памятаць аб Хатыні. Мемарыяльны комплекс заўсёды будзе нагадваць нам пра ахвяраў фашызму на беларускай зямлі, аб тых вёсках, якія спалілі гітлераўцы разам з жыхарамі, аб кожным герою, які загінуў за свабоду і незалежнасці нашай Радзімы.

Чалавецтва павінна памятаць пра смяротную пагрозу, якой яно пазбегла ў недалёкім мінулым, і штодня клапаціцца пра будучыню.

Сямёнава Алена Уладзіміраўна,

класны кіраўнік 9 “Г” класа